Раздзел 8. Графіка
Пытанні для самакантролю
- Акрэсліце значэнні тэрміна “графіка”.
- Раскрыйце змест тэрмінаў “гук”, “фанема”, “літара”, “графема”. Паразважайце, якое з азначэнняў сучаснай беларускай сістэмы пісьма – літарна-гукавое або фанемна-графемнае – больш правільнае з тэарэтычнага пункту гледжання.
- Акрэсліце, што такое алфавіт. Растлумачце паходжанне гэтага тэрміна. Ахарактарызуйце беларускі алфавіт. Прывядзіце азначэнне тэрміна “дыграф”. Назавіце беларускія дыграфы. Пералічыце нялітарныя графічныя сродкі, якія ўваходзяць у беларускую графічную сістэму.
- Дайце характарыстыку асноўных і другарадных значэнняў літар. Прывядзіце прыклады. Назавіце, якія літары беларускага алфавіта з’яўляюцца адназначнымі, а якія – двухзначнымі.
- Раскрыйце сутнасць гукавога і складовага прынцыпаў беларускай графікі.
- Назавіце і ахарактарызуйце графічныя сістэмы, якімі карысталіся ў беларускім пісьменстве.
Практыкаванні
Практыкаванне 1. З дапамогай ТСБМ і “Слоўніка лінгвістычных тэрмінаў” П. У. Сцяцко, М. Ф. Гуліцкага, Л. А. Антанюк (Мн., 1990) растлумачце значэнне слоў азбука і алфавіт. Ахарактарызуйце семантычнае і стылістычнае адрозненне паміж імі. Пакажыце спалучальныя магчымасці гэтых тэрмінаў.
Практыкаванне 2. Запішыце рускі і беларускі алфавіты. Супастаўце іх, вызначыўшы: 1) агульныя па абрысе і гукавым значэнні беларускія і рускія літары; 2) літары, аднолькавыя па абрысе, але розныя па гукавым значэнні; 3) рускія літары, якіх няма ў беларускім алфавіце, і беларускія літары, якіх няма ў рускім алфавіце (укажыце іх гукавое значэнне); 4) графічныя знакі рускага і беларускага алфавітаў, якія не маюць гукавога значэння.
Практыкаванне 3. Перакладзіце прыведзены тэкст на беларускую мову. Ахарактарызуйце асаблівасці беларускага алфавіта ў параўнанні з рускім. Чым адрозніваецца ўжыванне літары ё ў рускай і беларускай мовах? Дайце гістарычны каментар да паходжання пратэтычнага -н- ва ўскосных склонах асабова-ўказальных займеннікаў (у него, у неё, у них і да т.п.) у рускай мове.
С давних времён пояс – важная часть одежды белорусов. Пояс имел практическое значение. Им подпоясывалась верхняя и нижняя одежда. На него вешались сумочки и предметы домашнего обихода. В старой белорусской деревне мужчина мог выйти на улицу без шапки и сапог, но пояс на нём должен был быть обязательно.
Пояса носили и мужчины, и женщины. Когда-то люди верили в магическую силу пояса. На поясе совершали клятвы и гадания. Пояс был и предметом жертвоприношения.
Во время свадебной церемонии невеста дарила всем друзьям жениха пояса, которые делала сама. После свадьбы она бросала один пояс в печь, а другой – в воду, когда первый раз брала воду из речки.
Богатые люди носили дорогие шёлковые пояса. Ещё в 18 веке в городе Слуцке возникло производство тонких шёлковых поясов с золотыми и серебряными нитками. Их украшали узорами из цветов и геометрических фигур традиционного белорусского орнамента. Эти красивые слуцкие пояса стоили очень дорого. Поэтому большинство белорусов в прошлом носило пояса собственного изготовления. В разных местах Белоруссии были свои любимые размеры поясов и узоры на них.
(Б. Андрианов)
Практыкаванне 4. Затранскрыбіруйце прыведзеныя словы. Супастаўце колькасць літар і гукаў у кожным слове. Укажыце літары, якія: 1) не абазначаюць гукаў; 2) абазначаюць два гукі; 3) абазначаюць гук, які не адпавядае літары.
Камаедзіца, грэбень, калодзеж, зязюлька, Ян, Васіль, расчыніць, грамадства, пад’езд, абаяльны, падшыць, Брэстчына, расшчапіць, салаўіны, вераб’і.
Практыкаванне 5. Запішыце словы ў алфавітным парадку. Расстаўце націскі. Растлумачце выпадкі, калі аднолькавыя літары абазначаюць розныя гукі і розныя літары абазначаюць аднолькавыя гукі. З дапамогай слоўніка І. Шкрабы “Самабытнае слова” (Мінск, 1994) акрэсліце лексічнае значэнне прыведзеных слоў. З пяццю словамі складзіце сказы.
Сябрына, сунічнік, зарунець, паразумецца, бульбянішча, сліўняк, копанка, угодкі, выспа, ільнянішча, пярэзімак, відук, браткі, акавіта, азярышча, чубіць, каптур, куфель, фатэль, цвінтар, спрычыніцца.
Практыкаванне 6. Запішыце прыведзеныя ў практыкаванні словы парамі – арфаграфічна і ў транскрыпцыі. Растлумачце, чаму ў асобных выпадках не супадае колькасць літар і гукаў. Падкрэсліце ётавыя галосныя адной рыскай, палатальныя – дзвюма. З дапамогай энцыклапедыі “Беларускі фальклор” (Мінск, 2006) акрэсліце лексічнае значэнне падкрэсленых слоў. Складзіце з імі сказы.
Сядзьце, вераб’і, салаўіны, іскры, расчапіць, з’яўляцца, выключэнне, Падляшша, сватанне, Узвіжанне, балея, сям’я, этналогія, Юр’я, дыяспара, жаніцьба, заворванне.
Практыкаванне 7. Існуюць два спосабы чытання абрэвіятур: 1) чытаць як звычайнае слова, г.зн. па літарах; 2) ствараць слова, складваючы найменні літар, г.зн. чытаць кожную літару ў складанаскарочаным слове як склад. Знайдзіце сярод прыведзеных абрэвіятур тыя, якія чытаюцца як звычайныя словы, і тыя, у якіх літары сталі знакамі складовага пісьма. З чым звязана розніца ў прачытанні складанаскарочаных слоў? Затранскрыбіруйце прыведзеныя абрэвіятуры і падзяліце іх на склады.
ВАК, ААН, ЛіМ, ДАІ, загс, ВНУ, нэп, МДПІ, БДУ, ПТВ, рана, ЦУМ, РБ, МЖК, ЦВК, ТЮГ, ФРГ.
Практыкаванне 8. Прыведзеныя ў практыкаванні ланцужкі слоў адрозніваюцца толькі галоснай літарай. Ці супадае гэтая розніца на пісьме з адрозненнем у фанемным складзе слоў? Якімі фанемамі (галоснымі ці зычнымі) дыферэнцыруюцца словы? Чаму ў адных выпадках пры мене галосных літар мяняюцца галосныя фанемы, а ў другіх – зычныя?
Бык – бак – бук , лук – люк – лік – лак, нос – нёс – нас.
Практыкаванне 9. А. П. Сумарокаў выдзеліў “слиянные литеры”, да якіх адносіў Я і Ю. Растлумачце матывацыю выкарыстанага тэрміна.
Практыкаванне 10. Прачытайце тэкст. Выпішыце з тэксту словы, у якіх літары е, ё, ю, я, і абазначаюць 1) адзін гук; 2) два гукі. Ахарактарызуйце фанетычныя працэсы ў выдзеленых словах. З дапамогай ТСБМ растлумачце лексічнае значэнне падкрэсленых слоў.
Кашуля – від лёгкага плечавога адзення, старажытны і ўстойлівы кампанент традыцыйнага народнага касцюма. Са старажытных часоў мужчыны насілі доўгую (амаль да каленяў) кашулю на штаны пад пояс. Жанчыны на доўгую кашулю надзявалі паясное адзенне – спадніцу, андарак, панёву. Традыцыйным кроем жаночай кашулі з’яўляўся тунікападобны крой, які ўскладняўся ўстаўкамі. Кашулю шылі з ільнянога кужалю. Часам у будзённых сарочках кужаль складаў толькі верхнюю частку, а ніжнюю – менш дыхтоўнае зрэбнае палатно. У шляхецкім саслоўі кашулі шылі ў залежнасці ад маёмаснага стану з кужэльных, баваўняных, шаўковых тканін: тут яны раней сталі нацельным адзеннем, на якое надзявалі кофты і сукенкі з каляровых адамашкі, аксаміту і іншых “заморскіх” тканін. Святочныя кашулі ўпрыгожваліся багатым вышываннем або рэльефным арнаментам на плячах, манжэтах рукавоў або каўнерыку. Кашуля была вядома ў якасці адзінага летняга адзення для дзяцей (“бясштоннікаў”) да чатырох-сямігадовага ўзросту. У некаторых месцах Расіі доўгую кашулю (без штаноў) насілі юнакі да самай жаніцьбы. У Беларусі гэты звычай пазней за ўсё захаваўся ў старавераў.
(В. Цітоў)
Практыкаванне 11. Якая галосная літара ў беларускай мове можа абазначаць:
1) два гукі адначасова;
2) галосны гук і мяккасць папярэдняга зычнага;
3) два розныя галосныя гукі ў залежнасці ад пазіцыі.
Практыкаванне 12. Назавіце галосныя літары, якія ў пэўных пазіцыях абазначаюць два гукі:
1) у сучаснай беларускай мове;
2) у сучаснай рускай мове.
Практыкаванне 13. Прачытайце, захоўваючы арфаэпічныя нормы, прыведзены тэкст. Выпішыце з тэксту словы, у склад якіх уваходзіць [j]. Ахарактарызуйце спосабы яго графічнага абазначэння. Да выдзеленых у тэксце слоў падбярыце аднакаранёвыя.
Важная частка жаночага касцюма – галаўныя ўборы, якія паказвалі сямейнае становішча жанчыны. Дзяўчаты насілі вянкі з натуральных і штучных кветак, разнастайныя абручыкі з лубу ці паперы, упрыгожаныя кветкамі, жычкамі, стужкамі, пер’ем; вузкія ручнікі (скіндачкі). Валасы расчэсвалі на прабор і запляталі ў адну ці дзве касы з каляровымі стужкамі (каснікамі). Замужнія жанчыны хавалі валасы пад галаўны ўбор. У асноўным галаву пакрывалі чапцом або каптуром, паверх якіх павязвалі характэрны ўбор – намётку. Намётка – тонкае палатно, шырынёй 40-60 сантыметраў, даўжынёй 2-3 метры з затканымі або вышытымі канцамі. З другой паловы ХІХ стагоддзя намётку ў штодзённым побыце замяняе хустка. (С. Барыс)
Практыкаванне 14. У дапаможніку І. Я. Лепешава “Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні” (Гродна, 2002, с.147) прачытайце пра меркаванні лінгвістаў наконт таго, уключаць або не ўключаць дыграфы (лігатуры) дж, дз у склад алфавіта. Якое з выказаных сцверджанняў здаецца вам найбольш пераканаўчым? Абгрунтуйце свой адказ. Затранскрыбіруйце прыведзеныя ў практыкаванні словы. Адзначце, калі літары д і ж, д і з абазначаюць два гукі, а калі– адзін. З дапамогай слоўніка І. Шкрабы “Самабытнае слова” (Мінск, 1994) растлумачце лексічнае значэнне выдзеленых слоў. Складзіце з імі сказы.
Дзяды, ад’язджаць, адзвінець, падзол, паджарысты, вудзіць, суджаны, падзьме, дзічка, джала, дзедзіч, пакрыўджаны, аджаць, падзалаціць, падзяка, падзел.
Практыкаванне 15. Прачытайце тэкст, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы. Растлумачце, як абазначаецца на пісьме мяккасць зычных. Выпішыце з тэксту словы з зычнымі, мяккасць якіх на пісьме не абазначана. Ахарактарызуйце фанетычныя працэсы ў выдзеленых словах.
Мікалай Нікіфароўскі, беларускі этнограф і фалькларыст, расказваючы пра тую ўвагу, якую беларус надаваў поясу, пісаў, што з’яўленне на людзях “без шапкі і басанож не здзівіць старонніх так, як з’яўленне без апаяскі”.
Плеценыя, тканыя і вязаныя паясы былі абавязковым атрыбутам мужчынскага адзення. Шырыня іх дасягала дваццаці шасці сантыметраў, даўжыня – да трох метраў, і абкручвалі іх мужчыны вакол сябе тры-чатыры разы.
Поясам падпярэзвалі не толькі сарочкі, але і верхняе адзенне. І на кожным вісела каліта – шабетка, мяшэчак, дзе мы насілі тытунь і грошы. Гэтую ролю нашага пояса сведчаць старадаўнія дакументы: “Абарваўся пояс, і загінуў мяшок з грашыма”.
Адтуль шэдэўры шоўкаткацтва – слуцкія паясы. Акрамя Слуцка, паясы такога ж узору вырабляліся ў Гародні, Нясвіжы, Ружанах, Ліпкаве, ды яшчэ ў Кракаве і ў Францыі. (Я. Сіпакоў)
Практыкаванне 16. Адзначце, чым адрозніваецца гучанне рускіх і беларускіх слоў шчыт і щит, шчэбет і щебет, шчэпка і щепка, шчотка і щётка, шчолач і щёлочь. Як гэтае адрозненне перадаецца на пісьме?
Практыкаванне 17. Прачытайце тэкст. Вызначце, асноўнае ці другараднае значэнне маюць падкрэсленыя літары ў словах. Выпішыце з тэксту ўсе адназначныя (якія маюць адно асноўнае гукавое значэнне) літары. З дапамогай ТСБМ растлумачце лексічнае значэнне выдзеленых слоў.
Надзея Яноўская была ў сярэдневяковай жаночай вопратцы: сукня, на якую пайшло пяцьдзесят локцяў залацістага аршанскага атласу, паверх яе другая, белая з блакітнымі, адліваючымі срэбрам разводамі і шматлікімі разрэзамі на рукавах і падоле. Стан, сціснуты ў снуроўку, быў перавіты тонкім залацістым снурам, які падаў амаль да зямлі двума кутасамі. А на плячах быў тонкі рубок з белага табіну. Валасы былі ўзяты ў сетку і ўпрыгожаны шлягавым вянком, старажытным жаночым уборам, які трохі нагадваў караблік, зроблены са срэбных ніцей. З абодвух бакоў гэтага карабліка звісаў да зямлі тонкі белы вэлюм.
(У. Караткевіч)
Практыкаванне 18. Назавіце, у якім значэнні (асноўным ці другарадным) ужыты двухзначныя літары ў прыведзеных словах. З дапамогай слоўніка І. Шкрабы “Самабытнае слова” (Мінск, 1994) растлумачце лексічнае значэнне выдзеленых слоў. Складзіце з імі сказы.
Ход, хітраваць, вочы, веліч, гільза, герой, мазгі, палёгка, дзеяч, дзылінкаць, ледзь, кіраваць, экзамен, кантроль, дараваць, перакладчык, парад, сівізна, смык, сшытак, касьба, лагода, лёстка, плацдарм, цабэрак, цёмначы, жарынка, лыжка, у лыжцы.
Практыкаванне 19. Затранскрыбіруйце тэкст і скажыце, якія літары ўжываюцца паводле гукавога, а якія – паводле складовага прынцыпу. Выпішыце з тэксту словы з прыстаўнымі і ўстаўнымі гукамі. З дапамогай ТСБМ растлумачце значэнні выдзеленых слоў.
Цяпер саматканыя палотны робяць рэдка, але робяць, дый старое палатно берагуць. “Свая” тканіна і вопратка з яе лічацца самай здаровай для летняй спёкі. З палотнаў вырабляюць вышытыя ручнікі. На іх “сінія валошкі з макамі ў вяночак, галубок і пеўнік, ягады каліны, нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні. Па канцах карункі тонкім павуціннем…”.
У кожнай мясціне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, мясцовай, не такой, як у суседзяў, хаця, вядома, якой бы яна ні была, чалавек заўсёды скажа: “Вось польскі ручнік, вось украінскі, а вось гэта – беларускі”. На Беларусі вядома больш за сто спосабаў і відаў вышыўкі.
Ручнікі на сценах, ручнікі ў мыцельніку.
А ручнік яшчэ і падарунак… Вось гэты падрыхтаваны для свата, каб лепей жартаваў на вяселлі.
(Паводле У. Караткевіча)
Практыкаванне 20. Зрабіце графічны аналіз выдзеленых у тэксце слоў. Парадак разбору: 1) назвы літар і абазначаныя імі гукі; 2) колькасць літар і гукаў, асаблівасці іх суадносін (акрэсліць – калі ёсць – разыходжанні паміж графічным абазначэннем гука і яго вымаўленнем); 3) від галосных гукаў паводле функцыі: ётавыя, палатальныя ці велярызаваныя; 4) літары з асноўным і другарадным гукавым значэннем; 5) адназначныя і двухзначныя літары; 6) прынцып ужывання літар (гукавы ці складовы).
Узор разбору.
Сваіх
- Літары: с (эс), в (вэ), а (а), і (і), х (ха). Гукі: [с], [в], [а], [j], [і], [х].
- Літар 5, гукаў 6. Літара і пасля літары а абазначае два гукі: [j] і [і].
- Літара а велярызаваная, літара і ётавая.
- Усе літары ўжытыя з асноўным гукавым значэннем.
- Літара а адназначная, літары с, в, і, х – двухзначныя.
- Літара а ўжываецца паводле гукавога прынцыпу, літары с, в, і, х – паводле складовага.
Як ручнікі
|
З поўначы на поўдзень Кожны год, адлятаючы, птушкі Нацягваюць аснову Сваіх паднябесных блакітных дарог. А вятры шпурляюць З захаду на ўсход Чаўнакі з утокам Шэрых дажджоў, Золатам лістоў,
|
Серабром павуціння І прымаразкаў. Як ручнікі ці як дываны – У восем, дванаццаць, шаснаццаць нітоў – Тчэцца беларуская восень.
(М. Танк) |
Практыкаванне 21. Прачытайце прыведзены тэкст. Назавіце ўсе нялітарныя графічныя сродкі, выкарыстаныя ў гэтым тэксце. Выпішыце з тэксту словы з гістарычнымі змяненнямі зычных. Падбярыце аднакаранёвыя словы, якія б ілюстравалі старажытнае памякчэнне заднепаднябенных і змяненне спалучэнняў зычных з [j].
Часам мы наракалі на свой лёс, скардзіліся, уздыхалі:
– Усе мае ўборы – лапці ды аборы.
І самі ведалі: крыху хітруем, нагаворваем на сябе, прыкідваемся.
Вядома, у свой час былі ў нас і лапці, і ногі свае мы спавівалі аборамі. Самаробныя, сплеценыя са свежага альбо размочанага ў цёплай вадзе лыка – ліповага ці лазовага, – лапці ад самай старажытнасці з’яўляліся асноўным нашым абуткам.
Але ж мы заўсёды любілі і ўмелі прыгожа, дыхтоўна і зручна абувацца і апранацца…
Тыя ж нашы лапці часцей за ўсё мелі выгляд аздобы, упрыгажэння, а не ўсяго толькі абутку. Асабліва на жаночых нагах. Жанчыны ўмелі ўбачыць і паказаць усім і вытанчанасць саміх лапцей, і асабліва павабнасць, гожасць сваіх ножак, абутых у звычайнае лыка.
Лапці касога пляцення былі такія зграбненькія, што тагачасныя модніцы фарсілі ў іх толькі ў святы: і лапці, і беленькія анучы, перавязаныя пафарбаванымі аборамі, выглядалі вельмі шыкоўна.
(Я. Сіпакоў)
Практыкаванне 22. Падрыхтуйце выступленне да пасяджэння школьнага лінгвістычнага гуртка на тэму “Гісторыя знакаў прыпынку”. Звярніцеся да працы Л. Ц. Выгоннай “Фанетыка беларускай мовы ў школе” (Мінск, 1995, с. 199-205).
Практыкаванне 23. Прачытайце лекцыю з “Беларускай граматыкі для школ” Б. Тарашкевіча (Вільня, 1929), у якой характарызуецца лацінка. Адкажыце на пастаўленыя пытанні. Запішыце лекцыю, кіруючыся правіламі сучаснай графікі і арфаграфіі. Выявіце разыходжанні ў правапісе, растлумачце іх прычыны.
- Прачытай і напішы:
Chaj chmara nawiśnie nad sonnaj ziamloju, chaj hora pryciśnie žaleznaj rukoju, – ja rodnaje mowy nia kinu ŭ niadoli, nia zdražu nikoli.
Chaj hrom z piarunami hrymić i stralaje, małanka ahniami chaj bliskaje, źziaje, – swajho ja narodu, biaz chleba i soli, nia zdražu nikoli.
- Ці лацініца розьніцца ад беларускага пісьма кірыліцы толькі формай літараў?
- Што ў лацініцы ўжываецца заместа мягкага знаку?
- Якая лацінская літара адпавядае літары э?
- Параўняй напісаньні: гэты – hety, рэпа – repa, сена – siena, мера – miera. Ці літара е ў лацініцы значыць тое самае, што ў кірыліцы?
- Параўняй напісаньні: бяда – biada, дай – daj, яд – jad, аб’ехаць – abjechać, вёў – wioŭ, байка –bajka, маю – maju.
Калі ўжываецца ў лацініцы j? Якім спосабам лацініца абыходзіцца бяз літар е, ё, ю, я?
Практыкаванне 24. Прачытайце ўрывак з прадмовы Ф. Багушэвіча да зборніка “Дудка беларуская”, надрукаванага ў Кракаве ў 1891 годзе. Адзначце, наколькі поўна лацінка перадае фанетычныя асаблівасці беларускай мовы.
Вratcy miłye, dzieci Ziamli-matki majej! Wam afiarujuczy pracu swaju, muszu z wami pahawaryć trochi ab naczaj doli-niadoli, ab naczaj baćkawaj zpradwiecznaj mowie, katoruju my sami, da i nie adny my, a usie ludzi ciomnyje, “mużyckaj” zawuć, a zawietca jana “biełaruskaj”. Ja sam kaliś dumaŭ, szto mowa nasza – “mużycaja” mowa i tolki taho! Ale, pazdaroŭ Boże dobrych ludcoŭ jak nauczyli mianie czytać-pisać, z toj pary ja czmat hdzie byŭ, czmat czaho widzieŭ i czytaŭ: i prakanaŭsia, czto mowa naszaja jość takajaż ludzkaja i panskaja jak i francuzkaja, albo niamieckaja, albo i inszaja jakaja.
Практыкаванне 25. Падрыхтуйце лінгвістычныя паведамленні на тэмы:
1.Кітабы ў гісторыі беларускай пісьменнасці (гл. артыкул В. Несцяровіча ў часопісе “Роднае слова” (2005. – № 2. – С. 22-25) і А. Бутэвіча “Кітабы” ў зборніку “Званы Нямігі” (Мінск, 2002, с. 19-22).
2.Гісторыя літар беларускага алфавіта і, ў, дж, дз (гл. працу Л. Ц. Выгоннай “Фанетыка беларускай мовы ў школе” (Мінск, 1995, с. 123, 126, 131).
3.Асколкі дахрысціянскай пісьменнасці (гл. артыкулы Л. Агеевай “Асколкі дахрысціянскай пісьменнасці: Руны”(Роднае слова. – 1999. – № 12. – С. 143-153), Л. Агеевай “Ці былі ў беларусаў рунічныя календары?” (Роднае слова. – 2005. – № 12.– С. 84-86) і Э. Зайкоўскага “Калі на Беларусі з’явілася пісьмо?” (Спадчына. – 1992. – № 2. – С. 13-19).
Практыкаванне 30. Падрыхтуйце выступленне на пасяджэнні школьнага лінгвістычнага гуртка пра жыццёвы і творы шлях аднаго са стваральнікаў “грамадзянскай” азбукі Ільі Капіевіча. Рыхтуючы паведамленне, звярніцеся да энцыклапедычнага даведніка “Мысліцелі і асветнікі Беларусі” (Мінск, 1995, с. 220-222) і да зборніка “100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі” (Мінск, 1993, с. 46).